СТАРЫ́Я ДАРО́ГІ,

горад, цэнтр Старадарожскага р-на Мінскай вобл. Чыг. ст. на лініі Баранавічы—Асіповічы, на аўтадарозе Бабруйск—Слуцк. За 148 км ад Мінска. 12,1 тыс. ж. (2001).

Вядомыя з 1524 як сяло Дарогі Глускай вол. ў ВКЛ. Уласнасць Гальшанскіх, Хадкевічаў, Алелькавічаў, Радзівілаў, Вітгенштэйнаў, з 1846 дзярж. ўладанне. З 1565 у Навагрудскім ваяв. З канца 16 ст. мястэчка на Слуцка-Бабруйскім тракце. У канцы 17 ст. за 6 км на У утварылася аднайм. паселішча, таму мястэчка атрымала назву С.Д. З 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, вёска, з 1861 у Новадарожскай вол. Бабруйскага пав. У 1886—271 ж., 40 двароў. З 1896 за 2 км на З заснавана аднайм. чыг. станцыя Лібава-Роменскай чыгункі, новае паселішча вакол яе дало пачатак сучаснаму гораду С.Д. З 17.7.1924 цэнтр Старадарожскага раёна. З 27.9.1938 — горад. 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 1423 чал., разбурылі горад; дзейнічала Старадарожскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 28 чэрв. воінамі 1-га Бел. фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944.

Працуюць масла-, хлеба-, пладова-агароднінны, мех. з-ды, цэх безалкагольных напіткаў, швейная ф-ка, лясгас; 4 сярэднія, мастацтваў, спарт., завочная школы, дзіцячы дом, Дом культуры, Старадарожскі мастацкі музей, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, камбінат быт. паслуг; дзейнічае Свята-Мікалаеўская царква. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнікі: Вызвалення, воінам-вызваліцелям, партызанкам-падпольшчыцам Г.​Каралёвай і С.​Бабаковай, ахвярам фашызму «Рэквіем», воінам-афганцам.

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Старадарожскага р-на. Мн., 1998.

В.​Л.​Насевіч.

Забудова вуліцы Пралетарскай у г. Старыя Дарогі.

т. 15, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)